Ціха крочыць вясна
Міма нашых штодзённых размоваў,
Атрасаючы з нас
Сум і стому сваёй даланёй.
Абмываюць дажджы
Напамінкі аб сцюжах зімовых,
Ды пяшчотнае сонейка
Лашчыць зямлю цеплынёй.
І красуе жыццё,
Так, што часам вачэй не адвесці.
Цэлы свет
Пасля змрочных завейных хаўтур уваскрэс.
І прыбраліся яблыні ў белае,
Быццам нявесты,
І да іх заляцаецца
Хмельна-няўрымслівы бэз.
Падаўжаецца род.
Набіраецца сілы малеча.
Са шпакоўні цікаўна
Высоўвае нос шпачаня.
Можа, толькі зязюля
Ў самоце па волі злой нечай,
Бы няўдаліца-маці,
Гукае сваіх птушанят.
А шпакі завіхаюцца:
Радасна цэлымі днямі
Носяць дзеткам спажыву,
Нястомна вартуюць кубло.
І ўжо блізкі той дзень,
Калі разам з малымі шпачкамі
Пад нябёсамі ўзнімецца
Сэрца маё на крыло.
--
|